ПАВЕ́РХНІ ВЯРЧЭ́ННЯпаверхні, утвораныя вярчэннем плоскай крывой вакол прамой (восі), якая размешчана ў той жа плоскасці. Напр., сфера ўтворана вярчэннем паўкружнасці вакол яе дыяметра, прамая кругавая канічная паверхня — прамой вакол інш. прамой, якая перасякае першую.
Лініі перасячэння П.в. плоскасцю, што праходзіць праз вось вярчэння, наз. мерыдыянамі; з плоскасцю, перпендыкулярнай восі, — паралелямі. Калі ўздоўж восі П.в. накіраваць вось Oz прамавугольнай сістэмы каардынат Oxyz, то параметрычныя ўраўненні П.в. можна запісаць у выглядзе: x = ƒ(u)cos φ, y = ƒ(u)sin φ, z = u, дзе ƒ(u) — функцыя, якая вызначае форму мерыдыяна, φ — вугал павароту плоскасці мерыдыяна.
Да арт.Паверхні вярчэння: канічная паверхня (А — вяршыня; У — утваральная; В — вось вярчэння).